БЕЛАРУ́СКАЯ СПЕ́ЎНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ,

Беларуская майстроўня, маладзёжнае творчае згуртаванне ў 1979—84 у Мінску. Створана студэнтамі БДУ і Бел. тэатр.-маст. ін-та, пазней да яе далучыліся студэнты інш. ВНУ, аспіранты, школьная і рабочая моладзь Мінска. Мэта — адраджэнне ў гарадскім асяроддзі бел. нар. абраднасці, святаў. Удзельнікі майстроўні вывучалі нар. песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі. Майстроўня спалучала спеўна-фалькл. дзейнасць з культ.-асв. і палітычнай; адраджэнне бел. нар. культуры разглядала як аптымальную форму выхавання нац. свядомасці. У 1983 пры майстроўні створана Т-ва бел. школы, якое вяло агітацыю за стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ. Новай формай дзейнасці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесці Мінска, на археал. раскопках. Спыніла дзейнасць у 1984 з-за канфліктаў з уладамі. Пераемнікі — Маладзёжны клуб імя У.Караткевіча (1985—86) і клуб «Талака» (з 1987).

В.Вячорка.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)